ДЭ ДЗЮЎ ((De Duve) Крысціян Рэнэ) (н. 2.10.1917, Тэмс-Дытан, каля Лондана),

бельгійскі біяхімік. Чл. Каралеўскай бельг. АН, літаратуры і выяўл. мастацтва, Каралеўскай мед. акадэміі Бельгіі, Нац. АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтваў, Парыжскай АН, Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна». Скончыў ун-т у Лувене (Бельгія, 1941). З 1947 працаваў у ім (з 1951 праф.), з 1962 у Ракфелераўскім ун-це ў Нью-Йорку. Заснавальнік і прэзідэнт Міжнар. ін-та клетачнай і малекулярнай паталогіі ў Бруселі. Навук. працы па біяхіміі інсуліну, глюкагону, распрацаваў метад дыферэнц. цэнтрыфугавання і адкрыў з яго дапамогай субклетачныя структуры — лізасомы (1963), выявіў іх прыроду, развіў канцэпцыю пра функцыі (1964) і ўдзел лізасом у фізіял. працэсах у клетках. Нобелеўская прэмія 1974 (разам з А.Клодам і Дж.Э.Паладэ).

К.Р.Дэ Дзюў.

т. 6, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)